КАМФО́РТНАСЦЬ ЛАНДША́ФТУ,
умоўна-ацэначная мера эколага-біял. і сацыяльна-псіхал. спрыяльнасці ландшафту для жыццядзейнасці людзей. Вызначаецца ступенню адпаведнасці ландшафту патрэбнасцям чалавека ў паўнацэнным адпачынку, набыцці псіхаэмацыянальнай і функцыян. раўнавагі. Аб’ектыўную аснову Кл. складаюць рэальныя фактары прафілакт., аднаўленчага, лячэбнага, эстэт. і інш. ўплыву навакольнага прыроднага асяроддзя на чалавека, абумоўленыя непарыўнай сувяззю паміж імі. Чалавек успрымае Кл. суб’ектыўна. Дастасаванасць ландшафтаў да вырашэння аздараўленчых мэт, іх адпаведнасць аб’ектыўным фактарам улічваецца пры вылучэнні і размяшчэнні зон адпачынку, курортаў. Разнастайныя маляўнічыя ландшафты, лясныя біягеацэнозы Беларусі, асабліва мала змененыя гасп. дзейнасцю, у спалучэнні з асаблівасцямі мясц. клімату вызначаюцца высокай ступенню камфортнасці і каштоўнасці для ландшафтатэрапіі і аздараўленча-прафілакт. работы.
І.Я.Кернажыцкая.
т. 7, с. 552
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)